Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» (БДТУ) з’яўляецца буйным шматпрофільным вучэбна-навуковым цэнтрам Рэспублікі Беларусь, які рыхтуе спецыялістаў для вытворчай і сацыяльнай сфер эканомікі па 31 спецыяльнасці і 62 спецыялізацыях вышэйшай адукацыі, 37 спецыяльнасцях магістратуры, 27 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 9 спецыяльнасцях перападрыхтоўкі кадраў. У 2013 і 2014 гг. істотна пашыраны спектр адукацыйных паслуг на аснове адкрыцця падрыхтоўкі спецыялістаў па 5 новых спецыяльнасцях і спецыялізацыях I ступені вышэйшай адукацыі; магістраў па 4 новых спецыяльнасцях магістратуры з паглыбленай падрыхтоўкай; інтэграванай падрыхтоўкі па 11 спецыяльнасцях у завочнай форме атрымання адукацыі; перападрыхтоўкі па 2 новых спецыяльнасцях.
У 2013 г. да ўніверсітэта далучаны 5 профільных каледжаў у якасці адасобленых падраздзяленняў. У склад універсітэта ўваходзяць 40 навуковых галіновых, навукова-даследчых лабараторый і цэнтраў, з якіх 14 створаны за апошнія тры гады. На вядучых профільных прадпрыемствах краіны дзейнічае 18 філіялаў кафедр і 34 вучэбна-навукова-вытворчыя цэнтры БДТУ, 14 філіялаў створаны ў 2013–2014 гг.
У БДТУ створаны і паспяхова функцыянуе Цэнтр калектыўнага карыстання ўнікальным дарагім абсталяваннем (Цэнтр фізіка-хімічных метадаў даследавання), які ўключае ў свой склад 8 навуковых лабараторый. Універсітэт акрэдытаваны ў якасці навуковай арганізацыі ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У 2014 г. ва ўніверсітэце створаны новыя структурныя падраздзяленні: Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, факультэт інфармацыйных тэхналогій, кафедра інфарматыкі і камп’ютарнай графікі.
За апошнія 20 гадоў колькасць навучэнцаў універсітэта павялічылася больш як у 3 разы і складае 14 000 чалавек. Колькасць штатных выкладчыкаў БДТУ, якія маюць вучоныя ступені доктара і кандыдата навук, складае 75,4%. Ва ўніверсітэце дзейнічае 18 навукова-педагагічных школ, функцыянуюць 5 саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па 12 навуковых спецыяльнасцях. Супрацоўнікі ўніверсітэта штогод абараняюць да 25 кандыдацкіх і 1-2 доктарскія дысертацыі. За апошнія 5 гадоў абаронена 109 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.
У 2014 г. аб’ём фінансавання НДР склаў 27,1 млрд. руб., у т.л. з пазабюджэтных крыніц 6,5 млрд. руб. (рост у параўнанні з 2013 годам у 2,0 разы або 25,2 працэнта ад агульнага аб’ёму фінансавання). Універсітэтам выконваліся 406 фінансуемых НДР, у т.л. 83 заданні 9 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, 31 заданне 10 дзяржаўных і дзяржаўных навукова-тэхнічных, рэгіянальнай праграм. У межах прамых гаспадарчых дагавораў з вядучымі профільнымі прадпрыемствамі выконваліся 195 НДР.
Студэнты 3-5 курсаў шырока прыцягваюцца да навукова-даследчай працы ў межах будучай прафесійнай дзейнасці. Па заказах прадпрыемстваў у 2015 г. было выканана 48 % дыпломных праектаў, з элементамі НДР 43 % і рэкамендавана да ўкаранення 49%. На рынку працы на выпускнікоў усіх спецыяльнасцей БДТУ сфарміраваўся ўстойлівы попыт. Усе выпускнікі, якія вучыліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, размяркоўваюцца на працу.
Лабараторыі БДТУ аснашчаны ўнікальным абсталяваннем, высокі ўзровень маюць камп’ютарная і электронная базы ўніверсітэта, што дае магчымасць праводзіць навуковыя даследаванні ў адпаведнасці з сусветнымі стандартамі. Створаны сучасны цэнтр выдавецка-паліграфічных і інфармацыйных тэхналогій. Рэканструяваны вучэбная, навукова-тэхнічная і вытворчая базы Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса. Паспяхова развіваецца і ўмацоўваецца сучасная інфраструктура сацкультбыту ўніверсітэта.
Ва ўніверсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю спартыўнай базы. У 2008 г. уведзены ў эксплуатацыю спартыўны комплекс, на што было выдаткавана 4,1 млрд. руб. уласных пазабюджэтных сродкаў універсітэта. У верасні 2010 г. таксама за кошт пазабюджэтных сродкаў пабудаваны стадыён з футбольным полем, бегавымі дарожкамі, гульнявымі пляцоўкамі з сучасным штучным пакрыццём агульным коштам 4,5 млрд. руб. Завяршаюцца праектныя работы па будаўніцтве шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу з плавальным басейнам, гульнявой і трэнажорнай заламі, заламі боксу і цяжкай атлетыкі, лыжнай базай і медыка-аднаўленчым цэнтрам.
Штогадовыя тэмпы абнаўлення матэрыяльнай базы ўніверсітэта складаюць не менш за 12%. Фінансавы стан БДТУ можна характарызаваць як устойлівы, які дазваляе ажыццяўляць меры па развіцці вучэбна-матэрыяльнай базы ўніверсітэта, павышаць заработную плату выкладчыкам і супрацоўнікам.
За значныя дасягненні ў падрыхтоўцы інжынерных і навуковых кадраў, а таксама за развіццё навуковых даследаванняў універсітэт (у тыя гады – БТІ імя С.М. Кірава) Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР ад 20 кастрычніка 1980 г. быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1988 г. – аднесены Мінвузам СССР да ліку вядучых ВНУ Савецкага Саюза. Фундаментальная падрыхтоўка спецыялістаў усіх узроўняў, а таксама пашырэнне профілю інстытута сталі асновай для пераўтварэння яго ў 1993 г. у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
У 2005 г. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь універсітэту прысвоены статус вядучай у краіне вышэйшай навучальнай установы ў лясной, хімічнай і паліграфічнай галінах, а ў 2007 г. рашэннем Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў – статус базавай арганізацыі СНД па адукацыі ў галіне лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці.
У 2009 г. БДТУ першым сярод беларускіх універсітэтаў укараніў сістэму менеджменту якасці ў адукацыі. Атрыманы нацыянальны і міжнародны сертыфікаты адпаведнасці стандартам сістэмы менеджменту якасці. За дасягненні ў галіне якасці ў 2010 г. універсітэт атрымаў Прэмію Урада Рэспублікі Беларусь. За асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці, шматгадовую плённую дзейнасць па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў і ў сувязі з 80-годдзем з дня заснавання БДТУ у 2010 г. узнагароджаны Ганаровым дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь.
Па выніках 2013, 2014 гг. універсітэт узнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь як лепшы ўніверсітэт у намінацыях «За высокія паказчыкі ў падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі» і «Забеспячэнне якаснага адукацыйнага працэсу, падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў». Рашэннем адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска ў ліку лепшых прадпрыемстваў і ўстаноў раёна занесены на раённую дошку Гонару.
У студзені 2016 года ў БДТУ была зарэгістравана і ўкаранёна ў адукацыйны працэс сістэма дыстанцыйнага навучання (СДА) на аснове сістэмы кіравання навучаннем Moodle.
У межах святкавання 65-годдзя з дня ўтварэння Ленінскага раёна г. Мінска БДТУ ўдзельнічаў у культурна-спартыўным свяце сярод арганізацый і працоўных калектываў Ленінскага раёна. 14 красавіка 2016 г. універсітэту ўручана Пасведчанне аб занясенні БДТУ на дошку Гонару Ленінскага раёна г. Мінска.
У 2016 годзе ўніверсітэт прыступіў да выканання ў якасці галаўной арганізацыі-выканаўцы ДНТП «Лясы Беларусі – устойлівае кіраванне, інавацыйнае развіццё, рэсурсы», а таксама падпраграмы «Гальванатэхніка» ДПНД «Механіка, металургія, дыягностыка ў машынабудаванні».
З мэтай павышэння эфектыўнасці навуковай і інавацыйнай дзейнасці, пашырэння камерцыялізацыі навуковых распрацовак у БДТУ у 2016 г. былі створаны Міжнародны цэнтр інавацыйных тэхналогій, Міжнародны інфармацыйна-аналітычны цэнтр трансферу тэхналогій, Міжнародны цэнтр новых матэрыялаў і тэхналогій.
Па выніках працы за 2016 г. БДТУ узнагароджаны Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Сумесна з ІТ-кампаніяй СТАА «ТехАрт» у 2017 г. створаны дзве сумесныя навучальныя лабараторыі кафедры інфармацыйных сістэм і тэхналогій.
У 2017 г. у БДТУ створана ўнікальная ксілатэка, у якой сабраны ўзоры драўніны з усіх кантынентаў свету.
Па выніках Рэспубліканскай універсіяды-2017 студэнты БДТУ заваявалі: залаты медаль у кросе на 1000 метраў і бронзавы медаль у бегу на 800 метраў, срэбраны медаль у трайным скачку, срэбраны і бронзавы медалі па каратэ.
У 2018 г. створаны і пачалі работу філіялы кафедры лясных культур і глебазнаўства на базе дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр»; кафедраў праграмнай інжынерыі, інфарматыкі і вэб-дызайну, інфармацыйных сістэм і тэхналогій на ЗТАА «ЭПАМ Сістэмз».
У гэтым жа годзе сумесна з сусветнымі кампаніямі быў створаны яшчэ шэраг вучэбна-даследчых лабараторый: сумесная вучэбна-даследчая лабараторыя СТАА «Геймстрым» і кафедр інфармацыйных сістэм і тэхналогій, праграмнай інжынерыі; сумесная навучальна-даследчая лабараторыя канцэптуальнага дызайну і праектавання мэблі пры кафедры тэхналогіі і дызайну вырабаў з драўніны сумесна з аўстрыйскай кампаніяй Blum.
У 2018 г. БДТУ прыступіў да ўдзелу ў эксперыментальным праекце «Удасканаленне дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі на аснове мадэлі «Універсітэт 3.0», які рэалізуецца на базе 7 універсітэтаў: БДУ, БНТУ, БДУІР, БДТУ, БДЭУ, ГрДУ ім. Янкі Купалы, а таксама Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Універсітэтам была пачата работа па стварэнні на тэрыторыі філіяла БДТУ «Беларускі дзяржаўны каледж будаўнічых матэрыялаў» Навукова-тэхналагічнага парка БДТУ.
У 2018 г. вучоныя ўніверсітэта пачалі рэалізацыю маштабнага праекта Сусветнага банка «Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь».
Па выніках удзелу ў Рэспубліканскай універсіядзе-2018 БДТУ заняў трэцяе агульнакаманднае месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі другой групы. Па выніках удзелу ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы ўніверсітэт заняў другое месца сярод ВНУ Рэспублікі Беларусь па другой групе.
10 ліпеня 2019 г. на базе ААТ «Полацкшкловалакно» адбылося ўрачыстае адкрыццё Галіновай лабараторыі шкла і валакністых матэрыялаў БДТУ.
У 2019 г. БДТУ пачаў выкананне двух праектаў у рамках рэалізацыі пастаўленай Кіраўніком дзяржавы задачы па выпуску айчынных спартыўных бегавых лыж, якія адпавядаюць сучасным сусветным стандартам. Па заказе Сусветнага банка і Глабальнага экалагічнага фонду ўніверсітэтам таксама рэалізаваліся тры праекты па развіцці ляснога сектара Рэспублікі Беларусь.
У 2019 г. быў створаны філіял кафедры машын і апаратаў хімічных і сілікатных вытворчасцей на базе ЗАТ «Салігорскі Інстытут праблем рэсурсазберажэння з Вопытнай вытворчасцю».
Па выніках удзелу ў Рэспубліканскай універсіядзе-2019 БДТУ заняў другое агульнакаманднае месца сярод устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь другой групы.
У 2021 г. у БДТУ на базе існуючай вучэбнай лабараторыі кафедры тэхналогіі неарганічных рэчываў і агульнай хімічнай тэхналогіі адкрыта імянная вучэбная лабараторыя калійных угнаенняў, пераабсталяваная для выканання навуковых работ у інтарэсах ЗТАА «Слаўкалій», правядзення стажыровак, курсаў павышэння кваліфікацыйных тэхнік.