27 лістапада 2024 г.у бібліятэцы БДТУ адбылася літаратурна-музычная вечарына Вольгі Уладзіміраўны Коваль з прэзентацыяй яе чарговага зборніка паэзіі “Беларускі блюз”. Творчы настрой на мерапрыемстве дапамагалі ствараць студэнты розных факультэтаў і курсаў, якіх аб’яднаў агульны праект пад назвай “Клуб крэатыўнасці”.
“Беларускі блюз” – гэта шостая кніга вершаў Вольгі Уладзіміраўны Коваль, дзе прадстаўлены творы апошніх гадоў. Лірыку зборніка вылучаюць адметныя рытмы і чулыя вобразы, шчырыя развагі і кранальныя высновы. Вечарына напоўніла штодзённасць колерамі паэтычных радкоў і гукамі музычных інструментаў. Прэзентацыя зборніка стварыла адметны ўрычысты настрой, бо кожны нумар праграмы быў прасякнуты нацыянальным каларытам і асаблівай беларускай меладычнасцю з блюзавымі гітарнымі кампазіцыямі.
Зборнік паэзіі Вольгі Коваль стаў вынікам працяглага міжнароднага супрацоўніцтва, бо прадмову да кнігі напісала прафесар Саратаўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Л.В. Собінава, доктар мастацтвазнаўства Таццяна Віктараўна Карташова. Вершы-мелодыі ў аўтарскім выкананні і шчырыя выступленні ўдзельнікаў вечарыны аб’ядналі выкладчыкаў і студэнтаў, супрацоўнікаў бібліятэкі і гасцей, у выніку чаго стварылі адчуванне непаўторнасці і святочнасці.