
1 чэрвеня 2026 г. губернатар Прыморскага краю Расійскай Федэрацыі Алег Кажамяка наведаў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец і рэктар БДТУ Сяргей Каспяровіч азнаёмілі высокага госця з гісторыяй універсітэта, яго адукацыйнымі праграмамі і навуковымі распрацоўкамі, абмеркавалі пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў для лясной галіны Прыморскага краю.

БДТУ з'яўляецца базавым універсітэтам СНД па адукацыі ў галіне лясной гаспадаркі і лясной прамысловасці. Цяпер ва ўніверсітэце на лесагаспадарчым і інжынерна-эканамічным факультэтах праходзяць вучобу 35 расійскіх студэнтаў 1-га і 2-га курсаў. Усе яны былі накіраваны Міністэрствам лясной гаспадаркі Прыморскага краю па мэтавай падрыхтоўцы. Вучоба рабятам падабаецца, вучацца паспяхова, плануюць сваю прафесійную дзейнасць звязаць з цудоўнай прыродай Прымор'я. Развіваючы тэму вучобы, Алег Кажамяка сказаў, што мае намер пашыраць супрацоўніцтва з беларускім універсітэтам і накіраваць у Беларусь ужо на павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку спецыялістаў лясной гаспадаркі, а таксама дзяцей на атрыманне не толькі вышэйшай адукацыі, але і сярэдняй спецыяльнай - у лясной галіне назіраецца востры дэфіцыт кваліфікаваных работнікаў рабочых спецыяльнасцей.


У рамках візіту адбылася сустрэча са студэнтамі з Прымор'я. Адкрываючы сустрэчу, губернатар адзначыў цесную сувязь Беларусі і Прымор'я - больш за 30 працэнтаў тых, хто адраджаў край, былі выхадцамі з Беларусі, многія засталіся жыць і знайшлі там другую радзіму. Дарэчы, бабуля Алега Кажамякі таксама родам з Беларусі. Студэнты сардэчна віталі кіраўніка краю, выказалі яму падзяку за прадстаўленую магчымасць вучобы, а таксама задалі яму шэраг пытанняў, якія датычацца далейшага працаўладкавання, зместу будучай працы, магчымасці для маладога спецыяліста набыць сваё жыллё.


Губернатар сказаў, што для маладых спецыялістаў урадам Прыморскага краю распрацавана краявая праграма падтрымкі, развіваецца сістэма льготнага арэнднага жылля з наступнай ільготнай іпатэкай. Патрэба ў кваліфікаваных кадрах высокая, усе выпускнікі будуць працаўладкаваны з дастойнай зарплатай. Алег Кажамяка адзначыў, што прырода Прыморскага краю настолькі цудоўная і ўнікальная, што работа для будучых спецыялістаў заўсёды будзе вельмі цікавая і разнастайная. Губернатар указаў на шырокія магчымасці ў ландшафтным праектаванні і арганізацыі экатурызму. Кіраўніцтва краю пільна вывучае тэму экасцежак, каб знаёмства з прыродай Прымор'я насіла максімальна пазнавальны і зберагалы для прыроды характар. Алег Кажамяка парэкамендаваў студэнтам разгледзець магчымасць працы ў сферы ландшафтнага праектавання, асабліва ў сферы азелянення гарадоў, пры гэтым беручы за ўзоры ўбачаныя ў Беларусі паркі. Губернатар падкрэсліў важнасць практыкаарыентаванага падыходу да вучобы, з тым каб курсавыя і дыпломныя работы студэнтаў былі ўжо гатовымі матэрыяламі для ўвасаблення ў рэальным жыцці.
Напрыканцы сустрэчы Алег Кажамяка заклікаў студэнтаў добрасумленна вучыцца, каб з атрыманым багажом ведаў годна працаваць на карысць і росквіт роднага Прыморскага краю. «Ніводны штучны інтэлект не заменіць чалавеку прыгажосць прыроды, а цяга чалавека да лесу невынішчальная», - скончыў свой выступ перад студэнтамі Алег Кажамяка.

Губернатар перадаў БДТУ падарунак з Прымор'я - ліпавы мёд без адзінай прымешкі іншых кветак - монамёд.