Дацэнт кафедры лясных культур і глебазнаўства Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Вадзім Носнікаў увайшоў у склад дэлегацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і прыняў актыўны ўдзел у рабоце Міжнароднай выставь «UzAGROEXPO-2025». Мерапрыемства праходзіла з 18 па 20 лістапада 2025 года ў Ташкенце (Узбекістан).
На аб'яднаным стэндзе былі прадстаўлены перадавыя навуковыя распрацоўкі БДТУ, якія выклікалі значную цікавасць у спецыялістаў аграрнай галіны:

• Выкарыстанне лятальных апаратаў (дронаў) у сельскай гаспадарцы.
• Сасковая гума для даення «Антымастыт».
• Рэсурсазберагальная тэхналогія атрымання комплексных угнаенняў на аснове нізкагатункавых відаў фасфатнай сыравіны.
• Распрацоўка рэжымаў стэрылізацыі агароднінных кансерваў і малочнай прадукцыі.
• Бясхлорнае водарастваральнае ўгнаенне - сульфат магнію на аснове даламіту.
• Малаадходная тэхналогія атрымання комплексных NPKS-угнаенняў.
• Купажы раслінных алеяў.
• Тэхналогія атрымання чыпсаў з яблыкаў.
- Біялагічны прэпарат «Флебіяпін».
• Тэхналогія вырошчвання пасадачнага матэрыялу лясных раслін з закрытай каранёвай сістэмай.
У ходзе выставы стэнд з беларускімі распрацоўкамі наведалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан Аляксандр Агароднікаў, дэлегацыя дэпутатаў Парламента і прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі Узбекістана, а таксама прадстаўнікі кампаній і прыватнага бізнесу з Узбекістана, Кітая, Кыргызстана, Расіі і Пакістана.

Важным вынікам удзелу ў выставе стала падпісанне пратакола аб намерах паміж БДТУ і Ташкенцкім дзяржаўным аграрным універсітэтам (ТДАУ). Дакумент накіраваны на прасоўванне адукацыйных паслуг, развіццё сумеснай навуковай дзейнасці, правядзенне міжнародных даследаванняў і павышэнне мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў.

Акрамя таго, Вадзім Носнікаў сумесна з загадчыкам НДЛ малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі БДУ Ірынай Фекліставай правёў круглы стол па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі Узбекістана і Беларусі. Мерапрыемства прайшло на базе Інфармацыйна-рэсурснага цэнтра пры ўдзеле дырэктара цэнтра Джахангіра Цемурхаджаева, Вучонага сакратара Савета маладых вучоных Акадэміі навук Рэспублікі Узбекістан Гульсанам Цілаевай, а таксама вядучых прафесараў і дацэнтаў ТДАУ.

У рамках візіту беларуская дэлегацыя таксама наведала профільныя кафедры Ташкенцкага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта: заатэхніі, глебазнаўства і аграхіміі, факультэта лясной гаспадаркі і ландшафтнага дызайну. У ходзе сустрэч былі вызначаны перспектыўныя напрамкі для далейшага супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навуковай сферах паміж БДТУ і ТДАУ.

