16.05.2018 г. у чытальнай зале бібліятэкі быў праведзены літаратурна-паэтычны конкурс уласных твораў студэнтаў нашага ўніверсітэта.
Такім чынам літаратурны клуб “Ветліца”, якому ў верасні 2017 года споўнілася 20 гадоў, адрадзіў традыцыю “Літаратурныя вечары ў Тэхналагічным”.
Для ўдзелу ў конкурсе запісалася 29 студэнтаў, змог прыйсці і выступіць 21 чалавек. Перамагаючы хваляванне, канкурсанты чыталі свае творы – вершы, эсэ, апавяданні, роздумы, эцюды, пераклады – на рускай, беларускай, французскай і арабскай мовах, паколькі поруч з беларускімі студэнтамі выступалі са сваімі вершамі і навучэнцы Камеруна і Ірака.
















Прывітальнае слова канкурсантам сказаў прарэктар па выхаваўчай працы Андрэй Раманавіч Гараноўскі. Праграму вяла кіраўнік літаратурнага клуба “Ветліца” Савіцкая Надзея Яўсееўна, якая ва ўступным слове сказала аб дзейнасці клуба, бліжэйшых конкурсах і мерапрыемствах, мяркуемых выданнях, асноўным з якіх з’яўляецца 9 выпуск літаратурна мастацкага альманаха “AVE”(Адраджэнне. Вера. Еднасць).

Пасля заканчэння конкурснай праграмы ў зале прагучала песня “А я еду за туманам” у выкананні дуэта (Жураўлёва Алена – 1ТТЛП, гітара, вакал; і Юнесі Сепехр - слухач падрыхтоўчых курсаў рускай мовы як замежнай з Ірана, вакал). А яшчэ Сепехр акапэльна выканаў песню на фарсі (іранскай мове). Ад цудоўнага голасу і выканання аўдыторыя была ў захапленні, але ўсе чакалі вердыкту журы.


Глядацкае журы пад старшынствам дырэктара бібліятэкі Знайдзюк Святланы Баляславаўны вызначыла траіх пераможцаў і ўручыла ім шакалад. Пераможцы глядацкага журы – Уласенка Дзмітрый -1ПіМ-2, Карасёў Барыс – 1ХТТ-8, Станкевіч Ірына – 3ПіМ-7.
Нарэшце пераможцаў вызначыла асноўнае журы. Крытэрыі ацэнкі: змест, форма, выступленне. Шкала адзнак – ад 4 да 10 балаў. Старшыня журы назвала пераможцаў: з 300 магчымых балаў 280 набраў Міцкевіч Арцемій (1ТАР-3) – першае месца; 269 балаў у Тарасенка Дзіяны (2ПіМ-3) – другое месца; і 267 балаў у Карасёва Барыса (1ХТТ-8) – трэцяе месца.
Пераможцам былі ўручаны падарункі – 8 нумар альманаха “AVE” і дзве кнігі “Аўтограф” – гэта зборнік твораў пераможцаў ІІІ Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Аўтограф”, дзе надрукаваны творы 19 студэнтаў БДТУ.
З пажаданнямі выступіла Федасенка Інга, якая прапанавала часцей праводзіць літаратурныя конкурсы і вечарыны, але з меньшай колькасцю канкурсантаў. У заключэнне кіраўнік клуба падзякавала ўсім удзельнікам вечарыны і выказала спадзяванні на далейшую плённую працу.
Тэкст: кіраўнік літаратурнага клуба “Ветліца” Савіцкая Н.Я.
Фота: Бабкін Дзмітрый (факультэт ІТ)
Опубликовано: 22.05.2018
Больше по рубрике