Святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы, прайшлі 21 лютага ў БДТУ. Кафедра беларускай філалогіі сумесна з бібліятэкай БДТУ і БРСМ арганізавала выставу, на якой былі прадстаўлены творчыя работы беларускіх студэнтаў і навучэнцаў з розных краін свету, а таксама беларускамоўныя кнігі айчынных і замежных аўтараў.
Асаблівую зацікаўленасць наведвальнікаў выставы выклікалі ілюстрацыі да беларускіх прыказак і прымавак, казак і фразеалагізмаў, падрыхтаваныя студэнтамі 1-2 курсаў факультэтаў ПіМ, ХТіТ. Акрамя таго, на выставе былі прадэманстраваны творчыя работы, падрыхтаваныя студэнтамі для конкурсу “Адвечнае застаецца”, сутнасць якога заключалася ў ілюстраванні шырокавядомай цытаты Францыска Скарыны пра любоў да Радзімы.
Увагу наведвальнікаў прыцягнулі матэрыялы пад рубрыкамі “Вобразы мілыя роднага краю” і “Мая малая радзіма”, якія прадстаўлялі сабой фатаграфіі разнастайных куткоў Беларусі, навуковыя і творчыя працыі, прысвечаныя апісанню беларускіх гарадоў і мястэчак. На выставе былі прадстаўлены і работы, падрыхтаваныя студэнтамі факультэта ПіМ і ХТіТ да конкурсу ілюстрацый “Па старонках любімых твораў”: студэнты выбралі любімыя паэтычныя і празаічныя творы беларускай літаратуры і падрыхтавалі аўтарскія малюнкі.
Сумесна з БРСМ кафедра беларускай філалогіі правяла акцыі “Маё любімае беларускае слова” і “Гавары са мной па-беларуску”, у якіх прынялі ўдзел студэнты розных курсаў і спецыяльнасцей і супрацоўнікі ўніверсітэта. Удзельнікі акцый, прадэманстраваўшы свае веды роднай мовы, атрымалі ад арганізатараў салодкія пачастункі. Праведзеныя падлікі паказалі, што найбольш любімае беларускае слова ў БДТУ – “каханне”. Праўда, нямала ўдзельнікаў да любімых лексем аднеслі такія словы, як “Радзіма”, “цукеркі”, “сонейка”, “бульба”.
Па-святочнаму адзначылі Дзень роднай мовы студэнты 6 групы 1 курса факультэта ХТіТ. Яны прынялі ўдзел у дзвюх віктарынах “Пясняр зямлі беларускай” (прысвечанай жыццю і творчасці Янкі Купалы) і “Залацінкі народнай мудрасці” (на веданне беларускіх фразеалагізмаў, прыказак і прымавак). Дацэнтам кафедры беларускай філалогіі Т. М. Федарцовай са студэнтамі быў прыведзены конкурс “Апрані і накармі ляльку”: дзяўчаты і хлопцы, апранаючы і кормячы ляльку, павінны былі па-беларуску назваць ўсе прадметы адзення і стравы. Добрае валоданне роднай мовай, веданне айчыннай гісторыі і культуры студэнты прадэманстравалі і пры выкананіі задання “Хто ёсць хто”.
Кафедра беларускай філалогіі і дэканат факультэта ПіМ выказвае шчырыя словы падзякі ўсім, хто прыняў непасрэдны ўдзел у арганізацыі святочных мерапрыемстваў: бібліятэцы БДТУ і актывістам БРСМ.
Опубликовано: 21.02.2019
Больше по рубрике