5 чэрвеня ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў VІIІ Рэспубліканскай выставы сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “АРТ-АКАДЭМІЯ”.
Арганізатары выставы: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.
Сёлета тэма выставы – ”Фіялетавы. Спакуса незвычайнасцю“.
Удзельнікі выставы: індывідуальныя аўтары і творчыя студэнцкія калектывы, студыі дызайну, фота, дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, тэатры моды ўстаноў вышэйшай адукацыі.
На выставу было прадстаўлена больш за 300 твораў як пачынаючых прафесіяналаў, так і аматараў з 35 устаноў вышэйшай адукацыі.
Прыемна, што сярод не толькі ўдзельнікаў, але і пераможцаў – студэнт 1-га курса лесагаспадарчага факультэта Аляксей Свідзерскі. Аляксей прадставіў на конкурс 10 работ: малюнкі ў змешанай тэхніцы і фотаздымкі. Спецыялісты экспертнай камісіі, якую, дарэчы, ўзначальваў народны мастак Беларусі С.У. Стэльмашонак, высока ацанілі майстэрства Аляксея. Наш студэнт атрымаў Дыплом “Лепшы ў намінацыі “Фотапогляд”. Дыпломам і памятным знакам узнагароджаны і ўніверсітэт.
Сардэчна віншуем Аляксея Свідзерскага з перамогай і жадаем далейшых творчых поспехаў!