31 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё I Рэспубліканскай выставы “Грані творчасці-2016” пад дэвізам «Багдановіч. Маладыя жаданні».
Першая тэматычная інтэрактыўная экспазіцыя прысвечана 125-годдзю з дня нараджэння выдатнага дзеяча беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
З прывітальным словам да маладых творцаў УВА звярнуўся намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.В. Якжык і масцітыя мастакі-эксперты. Студэнты з КНР на беларускай мове прадэкламавалі верш “Слуцкія ткачыхі”. Асаблівую асалоду прысутныя атрымалі ад студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у выкананні якіях прагучалі лірычныя песні на словы славутага паэта.
200 прадстаўленых на экспазіцыі работ з 24-х устаноў вышэйшай адукацыі ўяўляюць сабой сінтэз фатаграфіі з выкарыстаннем сучасных камп’ютэрных праграм і інавацыйных тэхнік мастацкай творчасці. Прыемна, што сярод абраных кампетэнтным журы на выставу работ у намінацыі “Концептуальный визуальный сет “Спасціжэнне красы” - ілюстрацыя да твора М. Багдановіча “ЦЁПЛЫ ВЕЧАР, ЦІХІ ВЕЦЕР, СВЕЖЫ СТОГ” у змешанай тэхніцы студэнта 2-га курса лесагаспадарчага факультэта Аляксея Свідзерскага. Пажадаем Аляксею перамогі, якая будзе залежаць і ад нас. У гэтым годзе акрамя журы пераможца будзе вызначацца колькасцю прагаласаваўшых у інтэрактыве на партале Artviva http://artviva.by/grani-tvorchestva.html.
Экспазіцыя гасцінна расчыніла свае дзверы ў мастацкай галерэі “Ракурс”, што ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, і будзе працаваць да 5 ліпеня (пр. Незалежнасці, 116).
Запрашаем усіх, хто жадае сустрэцца з сапраўдным мастацтвам, адчуць голас любімага паэта, наведаць экспазіцыю і падтрымаць нашага фаварыта!!!