5–7 лістапада 2015 года загадчык кафедры беларускай філалогіі БДТУ дацэнт М.В. Трус прыняў удзел у рабоце Міжнароднага воркшопа (семінара) “Гісторыя літаратуры Беларусі”, арганізатарам якога выступіў нямецкі Інстытут славістыкі Ольдэнбургскага ўніверсітэта імя К. Асецкага (дырэктар – прафесар Гун-Брыт Колер). З беларускага боку мадэратар прадстаўнічай навуковай сустрэчы – дацэнт БДУ П.І. Навуменка.
Воркшоп быў прысвечаны тэарэтычным і метадалагічным праблемам стварэння нямецкамоўнай “Гісторыі літаратуры Беларусі”, адрасаванай студэнтам і шырокай чытацкай аўдыторыі, – беспрэцэдэнтнаму міжнароднаму праекту ў найноўшым дыскурсе літаратурнай гістарыяграфіі.
У мерапрыемстве бралі ўдзел навукоўцы, стваральнікі выданняў па гісторыі нацыянальных літаратур з Аўстрыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы. Дацэнт М.В. Трус прадставіў даклад “Савецкая беларуская літаратура 1940 – 1980-х гг.: крытычны перагляд”.

