Каб зразумець, хто мы, карысна часам успомніць, з якіх сімвалаў і сэнсаў мы сабраны. З гэтай мэтай кафедрай беларускай філалогіі арганізаваны і праведзены на базе Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі культурна-асветніцкія заняткі «Культурны код беларусаў: якія мы?». Студэнты 1, 2 і 3 курсаў спецыяльнасці «Выдавецкая справа» ўбачылі тут узоры традыцыйнага ткацтва – ручнікі, абрусы, паясы са старажытнымі геаметрычнымі і расліннымі арнаментамі, нацыянальныя строі; унікальныя іконы беларускай школы XVI-XVIII стагоддзяў, якія ўражваюць сінтэзам усходне- і заходнееўрапейскіх традыцый; драўляныя скульптуры і разьбу; прадметы культу і інтэр’еру. Для наведвальнікаў гэта была спроба прачытаць культурны код нацыі, зашыфраваны ў дрэве, тканіне і колерах, атрымаўшы не прамыя адказы, а інструменты-ключы для яго разгадкі.















