Гарады… Вялікія і малыя, розныя па свайму абрысу і характару стаяць на зямлі нашай. І ў кожнага з іх свой лёс, свая гісторыя. Рэдакцыя газеты “Тэхнолаг” пачынае новы праект “Мой родны кут”, у якім кожны з вас можа распавесці пра свае любімыя мясціны нашай роднай Беларусі.
З глыбінь стагоддзяў дайшлі звесткі да нас пра Слуцк, старажытнейшы славянскі горад.
Случаск… Слуцк… так называлі яго ў розныя часы. Першы ўспамін знаходзім ў “Аповесці мінулых часоў” пад 1116 годам. Першым князем тут быў унук Уладзіміра Манамаха, а потым даўжэй за ўсіх княжылі Алелькавічы. Пасля смерці у 1612 годзе апошняй прадстаўніцы гэтага роду княгіні Сафіі Слуцкае княства і горад перайшлі да роду Радзівілаў.
Год ад году горад рос, прыгажэў і ў 16 стагоддзі стаў адным з палітычных і культурных цэнтраў Вялікага княства Літоўскага.
Нездарма гербым Слуцка з даўніх часоў з’яўляецца крылаты конь Пегас — у старажытнагрэчаскай міфалогіі сімвал натхнення і паэтычнай творчасці.
Шмат на сваім вяку пабачыў наш горад, і жыццё яго не заўсёды было спакойным і ўзнёслым. Шматлікія войны грукаталі тут, палячы і рунуючы яго. Але кожны раз з папялішч уздымаўся горад і квітнеў. Квітнее і сёння — старажытны і малады — у зеляніне і квецені садоў, прыгожымі гмахамі ўзвышаючыся над імі.
Кажуць, гарады нібыта людзі. І яны бываюць шчаслівымі тады, калі жывуць у трох вымярэннях — сучасным, мінулым і будучым. У Слуцка ўсё гэта ёсць. Будзь жа заўжды шчаслівы, любы горад.
Аўтар: М. Якубенка, студэнтка факультэта ХТіТ
Аўтар: М. Якубенка, студэнтка факультэта ХТіТ
Опубликовано: 02.06.2014
Больше по рубрике