Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу творчых і навукова-даследчых работ “Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў” адбылося 7 снежня ў актавай зале Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Студэнты БДТУ не толькі прымалі ўдзел у конкурсе, але і занялі прызавыя месцы.
Арганізатарамі конкурсу, прымеркаванага да Года культуры, выступілі ўстанова “Рэдакцыя часопіса “Роднае слова” і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Звязда”. Удзел у конкурсе прымалі навучэнцы 9-11 класаў школ рэспублікі, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, журналісты і многія іншыя.
Конкурс праводзіўся па трох тэматычных накірунках:
- Гісторыя ўласнага роду, сям’і;
- Мае гераічныя продкі;
- З гісторыі родных мясцін.
У склад журы ўвайшлі:
- - галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя часопіса “Роднае слова” З. І. Падліпская;
- старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” А. М. Карлюкевіч;
- пісьменнік, даследчык, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва А. В. Статкевіч-Чабаганаў;
- намеснік дырэктара РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” А. Л. Ляўковіч;
- намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова”, дацэнт кафедры педагогікі МГІРА М.А. Кныш;
- адказны сакратар часопіса “Роднае слова” В.В. Барздова;
- настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі Л.І. Пшанічная.
Шаноўнымі гасцямі мерапрыемства сталі:
- начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі РБ Н.І. Пшанічная;
- акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У.В. Гніламёдаў;
- доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская мова і літаратура” А.І. Бельскі;
- намеснік дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда”, галоўны рэдактар часопіса “Нёман” А.І. Чарота;
- настаяцель прыходу Святога пакутніка Уладзіміра Хіраскі айцец Дзімітрый Ворса;
- вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны В.М. Надтачаеў.
Пшанічная Людміла Іванаўна: “Мне, як члену журы, давялося прачытаць амаль кожную работу. Канешне, няпроста было вызначыць пераможцаў. Я спадзяюся, што работу, якую вы распачалі, не закініце, будзеце працягваць для сябе і для роднай Беларусі”.
Прадстаўніца БДТУ разам з пераможцамі конкурсу і Ларысай Іванаўнай Пшанічнай
(Даша на фота трэцяя злева)

|
— Адкуль ты даведалася пра гэты конкурс?
— Мне расказала пра яго Савіцкая Надзея Яўсееўна, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі. Надзея Яўсееўна з’яўляецца кіраўніком літаратурнага клуба “Ветліца”, з якім я супрацоўнічаю на працягу вучобы ва ўніверсітэце: выступаю на канферэнцыях, выязджаю на экскурсіі і адпраўляю работы на конкурсы.
— Раскажы пра свой твор, які быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі "Мае гераічныя продкі". — Мой твор “Чэрвеньскі снег” напісаны ў жанры эсэ з элементамі апавядання. Я працавала над ім усяго чатыры дні, і ў выніку ён склаў восем старонак тэксту. У ім расказваецца гісторыя Соф’і Мікалаеўны Свянціцкай, сястры майго прадзядулі. На пачатку вайны яна і яе муж сталі сувязнымі партызанскага атрада ў мястэчку Крупкі, але сапраўдныя выпрабаванні пачаліся ў канцы 1943 года, калі яе мужа і лепшую сяброўку забрала гестапа. Соф’я Мікалаеўна ў той час была цяжарнай і нават не ўяўляла, як можа скласціся яе далейшы лёс. Яна нязменна клалася спаць у адзенні, баючыся, што немцы могуць падняць яе глыбокай ноччу і павалачы па вуліцы ў адной ніжняй кашулі. За таямнічай назвай “Чэрвеньскі снег” хаваецца рэальны выпадак. Падчас бамбёжкі Соф’я Мікалаеўна хавалася ў цёмнай зямлянцы разам са сваім немаўляткам, а калі выбралася наверх, не паверыла сваім вачам: усё навокал было засыпана чымсьці белым-белым, хаця стаяла спякотнае лета. А потым вочы Соф’і Мікалаеўны прывыклі да сонечнага свету, і ўсё стала ясна. Бомба патрапіла ў воз, нагружаны падушкамі, і паўсюль разляцелася пер’е, якое накрыла зямлю “снежнай” коўдрай... — У якіх конкурсах ты прымала ўдзел? Ці ёсць яшчэ ўзнагароды? — У 2014 годзе я атрымала дыплом ІІ ступені за аповесць “У апошняе імгненне”, якая ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе літаратурнай творчасці “Аўтограф”. Дарэчы, дзеянне аповесці адбывалася таксама ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А літаральна паўгода назад мае апавяданні занялі 1 месца ў V адкрытым літаратурным конкурсе клуба “Катарсіс”. — На тваю думку, у чым заключаецца важнасць правядзення гэтага і падобных конкурсаў? — Дзякуючы ім мы звяртаемся да такой цікавай тэмы, як гісторыя ўласнай сям’і. Мы паглыбляемся ва ўважлівае даследаванне свайго роду і раптам усведамляем: на самой справе ў нас так многа сваякоў, што генеалагічнае дрэва разгортваецца ажно на ліст фармату А1. Пошук прозвішчаў і дат невымоўна зацягвае, а расказаныя нам гісторыі часта ўражваюць і прымушаюць зірнуць на сваё жыццё з іншага боку. Ці сапраўды нам зараз прыходзіцца цяжэй, чым было нашаму продку падчас вайны? Ці не з’яўляюцца нашы так званыя невырашальныя праблемы надуманымі, малазначнымі? У рэшце рэшт, ці здолелі б мы паўтарыць тое, што здзейсніў наш продак? Тут ёсць над чым задумацца. |
![]() |
Дыпломам І ступені ў намінацыі “Мае гераічныя продкі” быў узнагароджаны студэнцкі гурток “Памяць” УА “Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт” (кіраўнік – Кузьміч Вольга Аляксандраўна, выкладчык кафедры беларускай філалогіі, выдатнік адукацыі, навуковы кансультант – Шахаб Вольга Васільеўна, кандыдат педагагічных навук, дацэнт).
З мэтай вяртання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне праз прызму сямейнай гісторыі быў распрацаваны пастаянна дзеючы праект “Жыву і помню” ў межах працы гуртка “Памяць”. Дзейнасцю гуртка ахоплены практычна ўсе студэнцкія групы спецыяльнасці “Выдавецкая справа”. Ставіцца першасная задача запісаць сямейныя гісторыі, аб’яднаныя тэмай “Гісторыя сям’і ў гісторыі вайны” ў адпаведным для гэтага жанры (эсэ, сямейная і дакументальная хроніка, нарыс, інтэрв’ю, апавяданне, радавод і інш.). Кожны сямейны аповед падаецца ў групе, а затым пасля абмеркавання афармляецца канчатковы варыянт. Пры гэтым узнаўляецца гістарычная памяць не толькі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але і пра ролю кожнай сям’і ў вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У рэчышчы працы гуртка “Памяць” толькі ў 2015 г. на Рэспубліканскі конкурс літаратурнай творчасці “Аўтограф” было прадстаўлена 47 творчых прац у намінацыі “Мне ёсць што сказаць свету”, з іх у індывідуальнай намінацыі – 27. Гурток “Памяць” узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, дыпломамі ІІ-ІІІ ступені – 4 студэнты. На Рэспубліканскі конкурс “Будущее без войны и ненависти» прадстаўлены 4 працы, з іх дыпломамі І і ІІІ ступені адзначаны 2 студэнты. На ўніверсітэцкі конкурс навуковых і творчых работ прадстаўлена 24 працы, якія таксама атрымалі высокую ацэнку.![]()
|
"Мой артыкул “Вогненны рэйс” увайшоў у зборнік “Жыву і помню”, у якім змешчана больш за 80 рэальных гісторый пра асабісты лёс, барацьбу за жыццё ў час Вялікай Айчынай вайны, запісаныя са слоў нашых родных, блізкіх, знаёмых. Многія з іх змяшчаюць дакументальнае пацвярджэнне: фатаграфіі, лісты з фронту, розныя ўзнагароды (граматы, фатаграфіі медалёў) — усё, што знайшлі ў асабістых архівах герояў гэтых гісторый і мясцовых архівах". |

Разварот выдання "Жыву і помню"
Грашовыя сродкі, якімі быў узнагароджаны гурток "Памяць", былі накіраваны на дабрачынную дзейнасць: была аказана дапамога ў будаўніцтве мемарыяльнага комплексу "Трасцянец".
Заключным акордам мерапрыемства прагучалі словы Марыі Антонаўны Кныш: "Узнагарода — частка перамогі. Вы вярнулі з нябыту незнаёмых і знаёмых вам людзей. Хацелася пажадаць, каб далекае станавілася блізкім, а немагчымае — магчымым”.

