Белорусский государственный
технологический университет
Belarusian State Technological University
Факультеты
Университет
ОИВР
Наука
Партнёрам
Студентам
Вайна ў памяці пакаленняў

Вялікая Айчынная вайна пакінула свой вярэдлівы радзімы знак у памяці кожнай беларускай сям’і. У дзяржаўным маштабе захаванне памяці пра подзвіг народа – адна з прыярытэтных задач грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў Рэспубліцы Беларусь. Штодня супрацоўнікі і навучэнцы нашага ўніверсітэта бачаць Дошку гонару “Яны змагаліся за Радзіму”. Тых, хто прайшоў шляхамі самай жахлівай вайны ў гісторыі чалавецтва, асабіста ведалі прадстаўнікі старэйшага пакалення, для моладзі – гэта зафіксаваныя візуальна старонкі мінуўшчыны ўстановы вышэйшай адукацыі, вартыя заўсёднай памяці і шанавання: А. П. Яфімаў, М. Ф. Грышчанка, С. Ц. Гуляеў, А. А. Саламонаў, С. А. Кунцэвіч, У. А. Кулажанка, Б. А. Навіцкая і іншыя.

Кафедра беларускай філалогіі шмат увагі надавала і надае захаванню памяці пра Вялікую Айчынную. Гэты агульнадзяржаўны клопат і рэальная праца структурнага падраздзялення ўніверсітэта звязаны з шэрагам адмысловых ініцыятыў: мерапрыемствамі, публікацыямі, адукацыйна-выхаваўчымі праектамі. Ёсць добрыя вынікі – ёсць станоўчы розгалас; часта калегі і навучэнцы самі прапануюць матэрыялы з гісторыі сваіх сем’яў, дзе памяць пра вайну зберагаецца ў вусных апавяданнях, дакументах, фотаздымках, рэчах.

“Цікавае побач” – вядомае выслоўе, у слушнасці якога аўтар гэтых радкоў меў нагоду яшчэ раз пераканацца пры неспадзяванай размове ва ўніверсітэцкай сталоўцы з касірам Таццянай, добра вядомай усім выкладчыкам. Гэтым разам прадставім, як кажуць, па форме: Таццяна Мікалаеўна Сінчук, кантралёр-касір, унучка слаўных байцоў партызанскай брыгады імя Даватара, што дзейнічала на Вілейшчыне. Дзед, Аляксей Паўлавіч Селязнёў, – камандзір атрада падрыўнікоў; бабуля, Марыя Васільеўна Селязнёва (Даніловіч), – шэраговы партызан. 

У сямейным архіве Т. М. Сінчук зберагаюцца дакументальныя сведчанні ваеннай пары, у тым ліку падшыўка вілейскай раённай газеты “Шлях Перамогі” за 1972 год, у якой журналіст Аляксандр Хілько, памочнік начальніка штаба партызанскай брыгады, апублікаваў цыкл артыкулаў пад назвай “Разам з народам” і падзагалоўкам “Па старонках баявога дзённіка партызанскай брыгады імя Даватара”. У гэтых запісах прадстаўлена багатая фактура ваенных будняў: імёны, баявыя аперацыі, вайсковыя поспехі, страты… Раз-пораз сустракаецца імя камандзіра атрада падрыўнікоў, у шэрагу згадак пра падзеі 1943 года чытаем:

 “…група партызан на чале з А. П. Селязнёвым спусціла пад адхон эшалон праціўніка, у выніку чаго было знішчана шэсць вагонаў з жывой сілай праціўніка, загінула да 300 гітлераўцаў” (“Шлях Перамогі”, 1972, 20 мая).

Журналіст А. Хілько пісаў таксама пра пасляпартызанскі шлях сваіх паплечнікаў:

“Была дружная сям’я. І вось прыйшоў час развітання. Партызаны, выканаўшы сваю гістарычную задачу, абавязаны былі ісці далей у нястрымны паток жыцця.

Асноўная сіла брыгады – некалькі сот загартаваных байцоў – была накіравана ў рады Чырвонай Арміі. Частка пакінута на партыйнай і гаспадарчай рабоце. Патрабавалася вялікая энергія і настойлівасць, каб падняць з папялішчаў вёскі, каб засеяць ніву, часам маючы на пасёлак аднаго каня, падняць да жыцця некалі квітнеючы вілейскі край.

Вялікая група партызан была накіравана ў Мінск на будаўніцтва трактарнага завода, каб хутчэй даць сялянам сталёвых коней. Паехалі добраахвотнікі на аднаўленне шахт Данбаса, на лесанарыхтоўкі ў Карэлію. Усюды работы было хоць адбаўляй”   (“Шлях Перамогі”, 1972, 3 чэрв.).

Традыцыя сустрэч былых байцоў партызанскай брыгады імя Даватара была закладзена пры святкаванні 20-годдзя Перамогі. Абставіны святкавання 25-годдзя слаўнай падзеі дэталёва перададзена ў згаданай газетнай публікацыі. Сярод іншага погляд выхоплівае наступныя радкі:

       Я лічу, – падняўся з месца камісар брыгады, – што сапраўднымі майстрамі падрыўной справы ў нас былі Селязнёў, Букаеў, Кваша, Судакоў. Паднімем бакал за іх майстэрства.

       А чым сёння займаюцца былыя мінёры? – спытаў хтосьці.

Сапраўды, чым? Мікалай Кваша вярнуўся ў сваю родную Адэсу і там працуе на заводзе. У саўгасе на Ушаччыне працуе А. У. Букаеў. На пенсіі ўжо А. П. Селязнёў і жыве ў Мінску (“Шлях Перамогі”, 1972, 3 чэрв.).

Сёння мы можам удакладніць некаторыя звесткі даўняй газетнай публікацыі. Да выхаду на пенсію камандзір атрада падрыўнікоў Аляксей Селязнёў працаваў вагонаважатым, Марыя Селязнёва (Даніловіч) – рабочай.

У 1972 годзе журналіст А. Хілько, першы летапісец партызанскай брыгады імя Даватара, выказваў надзею, што пройдзе час і новыя пакаленні напішуць больш поўную гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Сёння адносна гэтай найвялікшай падзеі ў гісторыі народа можна сказаць трохслоўным адзінствам: памятаем, вывучаем, шануем.

М.В. Трус, загадчык кафедры беларускай філалогіі БДТУ.

   Пасляваеннай парой.   Аляксей і Марыя Селязнёвы.

            

    Аляксей Паўлавіч Селязнёў.                    Марыя Васільеўна Селязнёва.

                                       Таццяна Мікалаеўна Сінчук.










Опубликовано: 06.05.2016
Больше по рубрике
Наводзім парадак разам
22.10.2025
Экскурсія ў галоўную бібліятэку краіны
17.10.2025
Мы розныя, але мы разам
17.09.2025
Посещение Художественного музея
16.06.2025
Дипломы Международного конкурса песни получены!!!
16.06.2025
Шлях да Перамогі
10.06.2025
Знаёмы незнаёмы Якуб Колас
27.05.2025
Выставка «Память сердца»
07.05.2025
Экскурсия иностранных слушателей в музей Великой Отечественной войны
05.05.2025
Пасяджэнне падсекцыі «Слова ў мове і маўленні»
25.04.2025