Республіканскі дзень інфармавання, якія адбыўся ў чацвер 18 мая ў СШ № 1 г. імя М. М. Гружэўскага, што знаходзіцца ў г. Ашмяны – раённым цэнтры Гродзенскай вобласці на мяжы з Літвой, прайшоў з удзелам творчага калектыву БДТУ – «Акавіты».
Пасля выступлення старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты і кіраўнікоў раёна перад прысутнымі, а гэта былі старшакласнікі агульнаадукацыйных устаноў Ашмяншчыны, прадэманстравалі сваё прамоўніцкае і паэтычна-песеннае майстэрства нашы калегі.
Напачатку загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Уладзімір Куліковіч пазнаёміў гаспадароў са спецыяльнасцямі і спецыялізацыямі ўніверсітэта. У выніку каля дзясятка вучняў пажадалі паступаць у наш універсітэт.
Затым зал быў зачараваны песнямі ў выкананні выкладчыцкага творчага калектыву, якім кіруюць Аляксандр ЛЯХ і Надзея Савіцкая. Шчырыя ўсмешкі, працяглыя апладысменты суправаджалі кожны нумар, паказаны выкладчыкамі. Зал ахвотна падпяваў і дзякаваў выступоўцам і за песні, і за аўтарскія вершы, прачытаныя Міхаілам Наскаўцом. Многія вучні пажадалі сфатаграфавацца з таленавітымі педагогамі-песнярамі, каб захаваць памяць пра цёплую сустрэчу.
Арганізатарамі запрашэння і выезду «Акавіты» былі дырэктар СШ № 1 г. Ашмяны Марыя КУЛІКОВІЧ і начальнік раённага ўпраўлення адукацыі Святлана БАРКОЎСКАЯ.
Прэс-цэнтр БДТУ