Варшава напрыканцы вясны — пад знакам кніг і чытання! З 17 па 20 траўня там ужо ў дзявяты раз адбылася найвялікшая міжнародная падзея выдавецкай галіны ў Польшчы — Warszawskie Targi Ksiazki. У ёй прынялі ўдзел каля 800 экспанентаў з 32 краін: Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Чэхіі, Бельгіі, Румыніі, Швейцарыі, Украіны, Расіі, Літвы, Грузіі, ЗША, Кітая, Бразіліі, Перу, Коста-Рыкі ды інш.




Аматары чытання (а іх за чатыры дні на выставе пабывала больш за 80 тысяч!) мелі шыкоўную магчымасць знаёмства з прапановамі выдаўцоў з Польшчы ды ўсяго свету, набыцця ўлюбёных выданняў, а таксама ўдзелу ў багатай праграме мерапрыемстваў: каля 1500 сустрэчаў з аўтарамі, дэбатаў, майстар-класаў, лекцый па літаратуры і гісторыі, забаваў для дзяцей, цырымоній узнагароджання літаратурных і галіновых прэмій, конкурсаў і мастацкіх выставаў.


У межах кірмашу, акрамя традыцыйных канферэнцыйных пляцовак, упершыню былі арганізаваныя спецыяльныя зоны для абмеркавання праблем пэўных культурных накірункаў: дэтэктыўнай і фантастычнай літаратуры, папулярнай і горнай культур. У чарговы раз праведзены фестываль коміксаў, які згуртаваў стваральнікаў і распаўсюджвальнікаў літаратуры падобнага фармату з усяго свету. Было чым заняцца і творцам інтэрнэт-прасторы: 19–20 траўня цэнтральная частка стадыёна ператварылася ў “месца сустрэчы” вядомых польскіх блогераў, геймераў, касплэераў ды іншых удзельнікаў фестывалю Meet Point.
Галоўнае польскае свята літаратуры праходзіла на Нацыянальным стадыёне і было настолькі маштабным, што, акрамя друкаваных каталогаў, дзеля зручнасці наведвальнікаў арганізатары распрацавалі дадатак для смартфонаў, а апошнія навіны ды каментарыі экспертаў публікавалі ў адмысловай “Хроніцы кірмашу” — чатырохпалоснай газеце, якая выходзіла штодня на працягу усёй выставы.
Беларускую выдавецкую галіну сёлета прадстаўлялі дзве пляцоўкі: стэнд Міністэрства інфармацыі з прадукцыяй дзяржаўных кампаній, а таксама стэнд грамадскай арганізацыі “Беларускі Дом у Варшаве”, дзякуючы намаганням якой польскі чытач мог пазнаёміцца з кнігамі шасці нашых незалежных выдавецтваў: “Тэхналогія”, “ARCHE”, “Янушкевіч”, “Галіяфы”, “Кнігазбор” ды “Лімарыус”. Як адзін з прадстаўнікоў выдавецтва “Тэхналогія” ў выставе прыняла ўдзел і магістрант факультэта ПіМ Аксеня Тарасевіч.

Кніжная выстава ў Варшаве стала не толькі цудоўным зрэзам дасягненняў выдавецкай галіны — яна яскрава адлюстравала існуючыя ў еўрапейскім грамадстве настроі і тэндэнцыі. Традыцыйна, вялікую колькасць прадстаўленых выданняў склала дзіцячая літаратура.
Наступная катэгорыя, якая заўсёды карыстаецца попытам — перавыданні класічных твораў (вельмі часта — у новым, пераасэнсаваным, метафарычным афармленні).
Варта адзначыць, што падыходы да афармлення канкрэтнай кнігі могуць адрознівацца нават у межах аднаго выдавецтва (калі гаворка ідзе пра розныя кніжныя серыі). Напрыклад, вось якія варыянты перавыданняў “Алісы ў Краіне Цудаў” прапаноўваюць ангельскамоўныя кампаніі.
Яшчэ адна катэгорыя, якая ў час папулярызацыі навукі ды пашырэння прасторы нефармальнай адукацыі стабільна мае вялікую колькасць прыхільнікаў — навуковая ды навукова-папулярная літаратура з нестандартным і адначасова простым падыходам да раскрыцця тэматыкі. Гэта могуць быць, напрыклад, густоўна аформленыя выданні пра свет вакол нас і космас над намі, адаптаваны для маладога пакалення пераказ найбольш вядомых сюжэтаў з сусветнай міфалогіі, фундаментальны зборнік міждысцыплінарных распрацовак на стыку мастацтва і навукі ці проста кніга пра вядомых людзей — аматараў коцікаў.
І яшчэ адна цікавая тэндэнцыя — заканамерная рэакцыя на выклікі часу — з’яўленне ўсё большай колькасці выданняў, накіраваных на ламанне гендарных стэрэатыпаў у цэлым і паляпшэнне іміджу жанчыны ў грамадстве ў прыватнасці. Яскравы прыклад — серыя “Маленькія людзі, вялікія мары” выдавецтва Penguin Books для дзяцей, кнігі якой раскрываюць няпросты жыццёвы шлях і гісторыю поспеху сусветна вядомых асобаў — творцаў, навукоўцаў, жанчын. Дарэчы, жанчынам у навуцы прысвечаны асобны праект Penguin Random House, які так і называецца: Women in Science. У яго межах ужо створанае асобнае выданне, а таксама выпушчаны падарункавы камплект паштовак.
Цікавы факт: шматлікія з прадстаўленых на кірмашы выданняў вылучаліся нестандартным паліграфічным выкананнем і шырокімі магчымасцямі самарэкламы. Так, большасць дзіцячых нямецкамоўных выданняў мела ўнутры паштоўку, аформленую ў стылі вокладкі, а на форзацы — замацаваны аркуш з фізічнымі характарыстыкамі і падрабязным апісаннем зместу кнігі, пададзенымі па-ангельску.
Кніжная выстава ў Варшаве пакінула самыя прыемныя ўражанні. У апошні дзень арганізатары свята падзякавалі ўсім удзельнікам і абвясцілі даты правядзення наступнага, юбілейнага кірмашу — 23–26.05.2019. А значыць, раман цэлай Еўропы з кнігай працягваецца, і мы абавязкова сустрэнемся ў гэтым жа месцы праз год, каб зноў раздзяліць радасць дасягненняў, пашырыць сетку кантактаў, абмяняцца досведам ды й проста прыемна правесці канец вясны ў кампаніі аднадумцаў. Няхай жыве кніга!




Экспазіцыя выдавецкай кампаніі Penguin Random House

Стэнд французскіх выдавецтваў

Стэнд кампаніі PocketBook



Стэнды польскіх выдавецтваў
Аматары чытання (а іх за чатыры дні на выставе пабывала больш за 80 тысяч!) мелі шыкоўную магчымасць знаёмства з прапановамі выдаўцоў з Польшчы ды ўсяго свету, набыцця ўлюбёных выданняў, а таксама ўдзелу ў багатай праграме мерапрыемстваў: каля 1500 сустрэчаў з аўтарамі, дэбатаў, майстар-класаў, лекцый па літаратуры і гісторыі, забаваў для дзяцей, цырымоній узнагароджання літаратурных і галіновых прэмій, конкурсаў і мастацкіх выставаў.






Кнігі нямецкіх выдавецтваў
Беларускую выдавецкую галіну сёлета прадстаўлялі дзве пляцоўкі: стэнд Міністэрства інфармацыі з прадукцыяй дзяржаўных кампаній, а таксама стэнд грамадскай арганізацыі “Беларускі Дом у Варшаве”, дзякуючы намаганням якой польскі чытач мог пазнаёміцца з кнігамі шасці нашых незалежных выдавецтваў: “Тэхналогія”, “ARCHE”, “Янушкевіч”, “Галіяфы”, “Кнігазбор” ды “Лімарыус”. Як адзін з прадстаўнікоў выдавецтва “Тэхналогія” ў выставе прыняла ўдзел і магістрант факультэта ПіМ Аксеня Тарасевіч.

Злева направа: Алесь Пашкевіч (“ARCHE”), Андрэй Янушкевіч (“Янушкевіч”), Аксеня Тарасевіч (“Тэхналогія”), Зміцер Вішнёў (“Галіяфы”)


Дырэктар Беларускага Дома ў Варшаве Уладзімір Кобец (апошні злева) з прадстаўнікамі беларускіх незалежных выдавецтваў




Наступная катэгорыя, якая заўсёды карыстаецца попытам — перавыданні класічных твораў (вельмі часта — у новым, пераасэнсаваным, метафарычным афармленні).









Тэкст: Тарасевіч Ксенія, магістрантка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій
Опубликовано: 24.05.2018
Больше по рубрике