Загадчыкам кафедры беларускай філалогіі дацэнтам Трусам Мікалаем Валянцінавічам сёлета апрабавана арыгінальная форма правядзення заняткаў – завочная экскурсія па рэгіёнах нашай краіны пад назвай «Беларускі ручнік». |
На практычных занятках па дысцыпліне «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» студэнты мелі магчымасць прасачыць усе этапы традыцыйнай тэхналогіі апрацоўкі ільну, разгледзець вырабы з гэтай сыравіны, што стала своеасаблівым сімвалам Беларусі, увасабленнем якасці айчыннай прадукцыі. Вялікую цікавасць выклікалі ўзоры ткацкага майстэрства, вышыўкі розных часоў і рэгіёнаў Беларусі. Падрыхтаваныя студэнтамі тэматычныя даклады, падмацаваныя наглядным матэрыялам, успрымаліся гэтым разам асабліва важка і пераканаўча.
Сваімі ўражаннямі і развагамі пасля заняткаў падзяліліся студэнты 1 курса 10 групы факультэта ТАР.
Кацярына Паціюк:
Калі сёння спытаць любога чалавека аб значэнні ручніка, то ён вельмі здзівіцца, таму што зараз ручнік – гэта звычайная рэч, якая выкарыстоўваецца ў побыце. Але нашы продкі лічылі інакш. Ручнік быў часткай культуры.
Таццяна Валасач:
Ручнікі былі з ільну, які праходзіў доўгую апрацоўку. У кожнай сям’і былі свае ўзоры: геаметрычныя фігуры, зоркі, кветкі, дрэвы. Перад тым, як выходзіць замуж, дзяўчына павінна была падрыхтаваць цэлы куфар пасагу, па ім меркавалі пра яе характар, наколькі яна працавітая, старанная, здольная.
Надзея Бельская:
З даўніх часоў ручнік меў вялікае сакральнае значэнне для кожнага чалавека. Ён з’яўляўся абавязковым атрыбутам жыцця нашых продкаў. Кожны ручнік меў свой непаўторны арнамент.
Вікторыя Расіч: Ручнік шырока выкарыстоўваўся ў розных абрадавых сітуацыях: на вяселлі, у народнай медыцыне. Ім упрыгожвалі абразы, крыжы, вокны, дзверы. Калі нараджалася дзяўчынка, яе прымалі на ручнік, які потым вешалі над калыскай. У царкве ручнікі вывешвалі на дзверы – «ад грому».
Опубликовано: 22.11.2013
Больше по рубрике