Родная мова
Чую ў табе перазвоны крынiцы,
Чую ў табе i раскат навальнiцы,
Чую павевы зялёнага бору,
Водгулле працы ў родным прасторы.
Кожнай драбнiцай ты варта пашаны,
Кожнае слова вякамi стварана
І на вякi жыць застанецца,
Вечнае так, як народнае сэрца.
У. Дубоўка
21 лютага ў БДТУ прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы. Кафедра беларускай філалогіі сумесна з бібліятэкай БДТУ і дэканатам па рабоце з замежнымі студэнтамі арганізавала выставу, на якой былі прадстаўлены творчыя работы беларускіх студэнтаў і замежных навучэнцаў, а таксама кнігі беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў 2017 года. Асаблівую зацікаўленасць наведвальнікаў выставы выклікалі ілюстрацыі да беларускіх прыказак і прымавак, падрыхтаваныя студэнтамі першага курса факультэта ПіМ.
Сумесна з БРСМ кафедра беларускай філалогіі правяла акцыі “Маё любімае беларускае слова” і “Гавары са мной па-беларуску”. Паводле праведзеных падлікаў, самае любімае беларускае слова студэнтаў і супрацоўнікаў БДТУ – каханне. Таксама ўдзельнікі акцыі многа разоў назвалі такія словы, як сябар, кветкі, хмарачос, журавіны, ажыны.
У акцыі “Гавары са мной па-беларуску” прынялі ўдзел студэнты розных курсаў і спецыяльнасцей. Удзельнікі акцыі, прадэманстраваўшы свае веды роднай мовы, атрымалі ад арганізатараў салодкія пачастункі.
Кульмінацыяй свята стаў канцэрт “Роднай мовы гук чароўны”, у якім прынялі ўдзел беларускія студэнты, замежныя слухачы і супрацоўнікі ўніверсітэта.
Кафедра беларускай філалогіі і дэканат факультэта ПіМ выказвае шчырыя словы падзякі ўсім, хто прыняў непасрэдны ўдзел у арганізацыі святочных мерапрыемстваў: бібліятэцы БДТУ, актывістам БРСМ, дэкану па рабоце з замежнымі студэнтамі, прэс-службе ўніверсітэта.
Вялікі дзякуй і ўсім удзельнікам канцэртнай праграмы!!!