Белорусский государственный
технологический университет
Belarusian State Technological University
ОВРМ
Наука
Як я правёў лета



Лета — доўгачаканая пара для шматлікіх беларусаў. І студэнты ў гэтым плане не выключэнне. Экзамены здадзены, практыкі пройдзены. Як праводзіць наша моладзь увесь астатні час? 



У гэтым годзе студатрадаўскі рух нашай краіны адзначыў свой паўвекавы юбілей  — столькі гадоў мінула з дня адпраўкі ў Казахстан першага беларускага атрада, які ўдзельнічаў у асваенні цалінных земляў. І сёлета дзелавая рэпутацыя студэнцкіх атрадаў, у склад якіх уваходзілі студэнты і нашага ўніверсітэта, яшчэ больш умацавалася. 

Лета 2013 года аб’яднала 610  юнакоў і дзяўчат з БДТУ у 26 будаўнічых, экалагічных і сэрвісных атрадаў.  ААТ ПМК №95 «Вадбуд» у Асіповічах, ДУП «ПМК-190» у Дзяржынску, дзіцячы аздараўленчы лагер «Лясны» ад Мінскага холадакамбіната №2, ПП «Дарыда». І гэта далёка не поўны пералік аб’ектаў, на якіх працавалі нашы студэнты. 




На працягу трох месяцаў студатрадаўцы ўдзельнічалі ў эксплуатацыі меліярацыйных сістэм, даглядалі кветнікі, касілі газоны, будавалі малочнатаварныя фермы ў розных кутках краіны, а таксама школы, падземныя пераходы ў сталіцы.

— За час працоўнага семестра я атрымаў шмат новых карысных ведаў, — падзяліўся з намі Дзмітрый Тасмінскі, студэнт 5 курса факультэта ТТЛП, які ўлетку працаваў на будаўніцтве малочнатаварнай фермы пад Дзяржынскам. — Зараз я ўжо магу працаваць з прафесійным будаўнічым абсталяваннем. І безумоўна ўпэўнены ў тым, што ў далейшым жыцці гэтыя карысныя веды абавязкова спатрэбяцца.

У зводныя атрады г. Мінска ўвайшлі студэнты і нашага ўніверсітэта. Хтосьці ў складзе будаўнічых атрадаў узводзіў шматлікія аб’екты сталіцы.

— Мы выконвалі розныя віды прац на будаўніцтве такога значнага адміністрацыйнага будынка, як Палац незалежнасці, — паведаміў нам Дзяніс Малышыц, студэнт 4 курса факультэта ЛГ, камандзір аднаго са зводных атрадаў горада Мінска.
А некаторым нават удалося правесці лета ў Краснадарскім краі, дзе ў якасці важатых у нашых студэнтаў была магчымасць працаваць у дзіцячым аздараўленчам лагеры «Залаты колас».
 

Прымаць  абітурыентаў у родную alma mater — справа вельмі адказная. І хто як не сапраўдныя студэнты маглі справіцца з гэтым найлепш за ўсё. У складзе прыёмнай камісіі яны адказвалі на пытанні зацікаўленных абітурыентаў, а таксама дапамагалі  ім запоўніць неабходныя дакументы.

Студэнтам-валанцёрам пашчасціла сутыкнуцца гістарычнай спадчынай Беларусі — Любчанскім замкам. Уявіць, якім быў замак некалькі стагоддзяў таму, паўдзельнічаць у яго адраджэнні, паглыбіць свае веды па гісторыі і беларускай мове змог кожны, хто прыехаў у Любчу гэтым летам.

 — Яркія уражанні, праверка сябе на самастойнасць — менавіта за гэтым і прыехаў, — кажа Аляксей Барнюк, студэнт 5 курса факультэта ЛГ, які ўжо не першы год прыязжае сюды падчас канікул.

Сваю падзяку за працу па аднаўленні замка валанцёрам, а таксама кіраўніцтву БДТУ выказаў дырэктар і заснавальнік дабрачыннага фонду «Любчанскі замак» Іван Антонавіч Пячынскі. Менавіта дзякуючы ідэям і марам гэтага чалавека адраджэнне замка стала рэальнасцю.

Студэнцкая моладзь БДТУ не засталася ў баку ў падрыхтоўцы і правядзенні ўрачыстасцяў, прысвечаных святкаванню 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Падчас дабрачынных акцый валанцёры прыходзілі на дапамогу па добраўпарадкаванню ва Ўсіхсвяцкі храм г. Мінска.

— Дзякуючы акцыі, мы не толькі зрабілі добрую справу, але дакрануліся да культуры і духоўнасці Беларускай праваслаўнай царквы, — адзначае Алена Ліхтаровіч, магістрант кафедры фізіка-хімічных метадаў сертыфікацыі прадукцыі. А падзякай за працу на тэрыторыі храма стала экскурсія па духоўнай святыні.

Падарожнічаць трэба з карысцю. Гэтага дэвізу прытрымліваюцца і студэнты-тэхнолагі. ІІ Маскоўскі Міжнародны моладзевы форум, які праходзіў на востраве Усялуг (Цвярская вобласць), аб’яднаў прадстаўнікоў з Беларусі, Расіі і Латвіі. Падчас працы форуму былі праведзены трэнінгі і семінары, мерапрыемтсы па згуртаванні і развіцці міжнароднай дружбы. Наш універсітэт прадстаўлялі Аляксандр Заборанка, студэнт 5 курса факультэта ХТіТ, і Станіслаў Пінчук, студэнт 3 курса факультэта ХТіТ. 

— Добра тое, што сабралася моладзь удалечыні ад цывілізацыі. Мы весела праводзілі час: жылі на прыродзе, песні ля вогнішча, паездкі на катэрах і каноэ. Класна, што наведалі вытокі Заходняй Дзвіны (Даўгавы) і Волгі. Самае галоўнае, ўсе настолькі пасябравалі, што ёсць ідэя сабрацца зноў усім разам, — кажа Аляксандр.

Здаецца, кожны студэнт нашага ўніверсітэта гэтым летам знайшоў занятак для душы. Галоўнае, каб было жаданне, бо менавіта тады будзе і вынік.



Опубликовано: 06.10.2013
Больше по рубрике
Встреча поколений «Это наша с тобой биография»
07.11.2013
Как зажигаются звезды на ИЭФе
27.10.2013
Современный университет с вековыми традициями
22.10.2013
Спасибо тебе за прекрасное лето, СТУДОТРЯД!!!
07.10.2013
Путешествие начинается…
07.10.2013
Как мы «Березинский» покоряли
30.09.2013
Неожиданное открытие
30.09.2013