Масква, 2-5 сакавіка 2026 года. Загадчык кафедры палімерных кампазіцыйных матэрыялаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Андрэй Каспяровіч і загадчык кафедры машын і апаратаў хімічных і сілікатных вытворчасцей Віталь Францкевіч прынялі ўдзел у найбуйнейшай галіновай падзеі — 28-й міжнароднай спецыялізаванай выставе «Шыны, ГТВ і каўчукі 2026.
Маштабны форум праходзіў з 2 па 5 сакавіка ў МВЦ "Крокус Экспа" (г. Масква). Выстава сабрала 226 кампаній з Рэспублікі Беларусь, Расіі і Кітая, якія прадставілі найноўшыя распрацоўкі ў галіне вытворчасці шын, гуматэхнічных вырабаў (ГТВ), сыравіны і абсталявання.
Адной са знакавых падзей дзелавой праграмы стала XIV Усерасійская канферэнцыя з міжнародным удзелам "Каўчук і Гума – 2026: традыцыі і навацыі", арганізаваная асацыяцыяй "Эластамеры" (РФ). Удзельнікі канферэнцыі абмеркавалі шырокае кола пытанняў: ад фундаментальных даследаванняў структуры і ўласцівасцей эластамераў да стварэння матэрыялаў з зададзенымі характарыстыкамі. Асаблівая ўвага была ўдзелена праблемам імпартазамяшчэння і забеспячэння прадпрыемстваў сыравінай і абсталяваннем у бягучых эканамічных умовах.
Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на канферэнцыі прадставіў два навуковыя даклады, якія выклікалі жывую цікавасць прафесійнай супольнасці.
У дакладзе "Антыадгезійны склад для ізаляцыі гумавых сумесей" (дакладчык - Андрэй Каспяровіч) былі прадстаўлены вынікі працы ў рамках задання 1-11 падпраграмы "Малатанажная хімія" ДНТП "Перспектыўныя хімічныя і біялагічныя матэрыялы". Вучоны БДТУ прэзентаваў распрацоўку імпартазамяшчальнага саставу для ізаляцыі маткавых гумавых сумесей, якія прымяняюцца пры вытворчасці аўтамабільных шын і ГТВ.
Другі даклад, падрыхтаваны Віталем Францкевічам, быў прысвечаны тэме «Прымяненне арганамінеральнага комплексу ў эластамерных кампазіцыях на аснове каўчуку спецыяльнага прызначэння». Даследаванне выканана ў рамках асобнага праекта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (ДБ25-340). Вучоны расказаў аб распрацоўцы навукова-абгрунтаваных рэцэптур з выкарыстаннем тэхналагічна актыўных дабавак на аснове прыроднай сыравіны.
Удзел прадстаўнікоў БДТУ ў такім прадстаўнічым форуме дазволіў пазнаёміць экспертную супольнасць з апошнімі распрацоўкамі ўніверсітэта, а таксама наладзіць прамыя кантакты з вытворцамі для ўкаранення інавацый у рэальны сектар эканомікі Саюзнай дзяржавы.
