15 студзеня 2026 г. завяршыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па беларускай мове і літаратуры. Ад кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій старшынёй журы ў Віцебскай вобласці быў запрошаны Уладзімір Іванавіч Куліковіч, для якога сёлетняя алімпіяда стала 32-й. Адбывалася спаборніцтва юных аматараў роднага слова ва УА “Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж”, дзе адначасова праходзіла і алімпіяда па рускай мове і літаратуры (старшыня журы – дэкан факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый УА “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава” Сяргей Мікалаевіч Нікалаенка).

Акрамя выканання конкурсных заданняў лепшыя знаўцы рускай і беларускай моў Віцебшчыны (а гэта 150 старшакласнікаў) мелі магчымасць сустрэцца са старшынямі журы, задаць пытанні і атрымаць кваліфікаваныя адказы адносна паступлення ў БДТУ і ў ВДУ імя П.М. Машэрава.
Святлана Хваленя